epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Адна

Адна, ізноў адна, як колас той у полі,

Не сцяты ў час жніва нагостраным сярпом,

Зламаны ветрамі гулячымі на волі

Між апусцелых ніў, спалосканых дажджом.

 

Адна, ізноў адна... Тужліва сэрца ные.

Наўкола пуста, глуш. Ноч цёмная стаіць.

А за акном віхор так жаласліва вые,

Як бы сканаць не мог, не хочучы больш жыць.

 

І сумна, сумна мне. Дзе ж той, каго любіла?

Дзе ж тыя, што мяне любілі так даўней?!.

Адны забыліся, другіх ўзяла магіла...

І жаль мне прошлых мар, шчаслівых шкода дней.

 

Адна, ізноў адна... А вецер думцы ўторыць,

І стогнамі мяне ўцяшае ён сваймі:

- Я - брат табе, я друг, - мне, стогнучы, гаворыць, -

Адзін нас ломіць боль - дык плачмо ж разам мы!..

 

1914

 


1913; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая