epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Адна

Адна, ізноў адна, як колас той у полі,

Не сцяты ў час жніва нагостраным сярпом,

Зламаны ветрамі гулячымі на волі

Між апусцелых ніў, спалосканых дажджом.

 

Адна, ізноў адна... Тужліва сэрца ные.

Наўкола пуста, глуш. Ноч цёмная стаіць.

А за акном віхор так жаласліва вые,

Як бы сканаць не мог, не хочучы больш жыць.

 

І сумна, сумна мне. Дзе ж той, каго любіла?

Дзе ж тыя, што мяне любілі так даўней?!.

Адны забыліся, другіх ўзяла магіла...

І жаль мне прошлых мар, шчаслівых шкода дней.

 

Адна, ізноў адна... А вецер думцы ўторыць,

І стогнамі мяне ўцяшае ён сваймі:

— Я — брат табе, я друг,— мне, стогнучы, гаворыць,—

Адзін нас ломіць боль — дык плачмо ж разам мы!..

1914


1913; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан