epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Аўсы

Шумяць аўсы сярожкамі,

Шумяць аўсы шаўковыя,

Загостранымі рожкамі

Тырчаць стручкі віковыя,

Спляліся, раскусціліся

Расліны выбуялыя.

Цалінныя раскрыліся

Ім сокі настаялыя.

 

І п’юць, і п’юць іх прагныя

Карэнні танкагубыя.

Расліны к сонцу цягнуцца,

Дажджы іх росяць любыя.

Ім лета усміхаецца,

І росы крышталёвыя

Шторанак рассыпаюцца

На лепясткі віковыя.

 

Аўсы цёмна-зялёныя,

Сярожкі пасівелыя,

Хістаюцца у стораны,

Буйныя, хоць няспелыя.

І шэпт ляціць прыглушаны,

Прыцішаны над вікаю:

«Са скошаных, засушаных

Карысць ад нас вялікая!»

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан