epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Бацька першы раз сабраўся ў госці...»

Бацька першы раз сабраўся ў госці,

Да дачушкі роднае, да Косці.

Нездароў ён быў з два дні ці болей,

І трывожны сум яго адолеў:

— Едзем к Костачцы,— сказаў ён Іне.

— Ехалі да станцыі ў машыне,

Праз шляхі-дарогі Магілёва,

Да Масквы той, золатагаловай...

Скіраваны гарачковай думай,

Ехаў бацька — з нейкім цяжкім сумам...

Шмат туляўся ён па ўсіх дарогах,

Хлеба з розных печак еў ён многа,

Не заўсёды яму шанцавала,

Гора шмат на долю яго пала...

Стары, хворы, вось сабраўся ў госці,

Да дачушкі роднае, да Косці.

Помніць, горача яго прасіла:

Прыязджай да нас, татуля мілы.

Помніць, вочы яе цёпла грэлі,

Калі ў хаце ўсе яны сядзелі,

Калі маці лаяла старога,

Што рабіць не хоча ўжо нічога.

Бацька неяк слаба нахіліўся:

— Што рабіць... А я ўжо нарабіўся...

—Хопіць мне! Хапіла аж па горла...

Ўсіх дзяцей маіх жыццё зацёрла.

Стася пахавана дзесьці ў Гродне...

Пехатой пайшоў бы я сягоння

На дачушкі роднае магілу...

Толькі не дайду... Не хопіць сілы!

Эдзік, орлік мой, сынок мой мілы!

Паў на фронце... Дзе яго магіла?

Я не бачыў. І не чуў я гора

Больш таго — якое ўзяў з пакорай

На свае натруджаныя плечы...

Унук мой, Жэня, хай мяне палечыць

Цеплынёй і ласкаю дзіцячай,

З ім — я толькі з радасці заплачу...

І прыехаў...

Радасна сустрэлі...

Не к сталу вялі — а да пасцелі,

Бо ён быў ужо слабы і хворы.

Костачка счарнела ўся ад гора,

Каля ложка хворага сядзела,

Не піла, не спала і не ела,

Ён ляжаў, бяссільны, сонны, хвейны...

Урач сказаў: на жаль, ён безнадзейны...

У Матроніне яго схавалі...

Цяжка, цяжка ўсе мы сумавалі,

Завалтузіў яго лёс пракляты —

І не стала дзеда ў нас і таты.

1951 г.


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан