epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Байкал

Над ракой Ангарой навісае тайга,

Над тайгою плыве ці то дым, ці смуга.

Мы прыехалі ў лагер. Канчаецца дзень,

Сонца шле нам апошні ласкавы прамень.

Ля палатак шугае вясёлы касцёр,

Кедр над ім свае рукі шырока прасцёр,

Прыкрывае прывал густалістым шатром

Ад дажджу і халодных байкальскіх вятроў.

Горы, горы высокія... Сіні Байкал,

Над дарогай уступы каменныя скал,

Знізу свеціць багульнік ружовым святлом,

Човен рэжа ваду, як блакітнае шкло.

Срэбны плавае омуль. Над соннай вадой

Дзіч, як хмара, снуецца. Спакойнай хадой

Да вады саступае няпуджаны звер,

Прымінаючы лапай зялёны аер.

Цішыня над вадой, над тайгой цішыня.

Пад гарой — толькі чутна — струмені звіняць...

1954 г.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан