Ты прынёс мне пук ружовы бэзу,
А на ім яшчэ ірдзяцца росы.
Кветкі ты з куста без жалю зрэзаў
Для мяне, мой друг цёмнавалосы.
Патанула я ў букеце тварам...
Дух займае пах яго цудоўны,
Поўны ён агнём вясновых чараў,
Марамі салодкімі ён поўны.
Ты стаіш і з мяккаю усмешкай
Маю радасць падзяляеш сэрцам.
Воч агонь, прыкрыты веек стрэшкай,
З пахам бэзу мне у сэрца льецца.
1959