epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Беларусь мая!..»

Беларусь мая! Цёмны, задумлівы бор,

Дзе ў гусцечы курлычуць вясной жураўлі

Дзе выносныя сосны узняты да зор,

Дзе пралеглі абшары лагоднай зямлі.

 

Беларусь мая — ў трубах заводскіх блакіт,

Дым бялёсы з тых труб расплываецца ў далі,

Красамоўна гаворыць іх шэры граніт,

Як высока рубеж індустрыі мы ўзнялі.

 

Беларусь мая! Новых будынкаў тут шмат.

А будова ідзе! Бачыш — краны і краны...

Іх ажурныя стрэлы ўзнялі далягляд.

Рытм работы — вясёлы, жывы, расспяваны.

 

Беларусь мая! Торф парыжэлы, сухі

На заводскія топкі прывозяць машыны.

Торф нарэзалі новых плугоў лемяхі —

Скібы чорныя, тлустыя леглі на спіны.

 

Вось як сталі мы жыць! Дзе ты, траская гаць?

Дзе балот невычэрпных гнілыя прасторы?..

Глянь! Мурожнай травой расцвіла сенажаць,

І — гайдаюцца хвалі пшанічнага мора.

1963 г.


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан