epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Беларускай зямлі неаглядны абшар...»

Беларускай зямлі неаглядны абшар

Каласістым гайдаецца збожжам...

Сонца выйшла ў блакіт з-за наслоеных хмар

І глядзіць — наглядзецца не можа.

 

І дзівуецца сонца. Які ж тут народ,

Калі змог ён так хутка падняцца,

Сваёй долі намеціўшы правільны ход

Праз нястомную, шчырую працу.

 

Тут пустэч і зямлянак не ўбачыш даўно,

Быццам і не было іх ніколі,

Хаты тут багацей, як былі прад вайной,

Багацей каласістае поле.

 

Партызанскі атрад, што ўзрываў цягнікі,

Што ў разведку хадзіў да фашыстаў,

Новы сад засадзіў і развёў парнікі —

З агуркамі, салатай сачыстай.

 

Камандзір у атрадзе — суровы такі,

На разумную выдумку здатны,

Ён калгаса важак. Каб усе важакі

Працаваць так умелі выдатна!

 

Край мой родны! Жыве беларускі народ

І умее рабіць — ўсё, што трэба:

Глянь, як горда дыміць за заводам завод,

А ў палях — мора спелага хлеба.

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан