epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Белы грыб

З жахам сёння маладыя маці

Дня чакаюць, як дзіця народзяць,

Бо нячутна, у празрыстай шаце,

Цень каварны паміж імі ходзіць.

 

Смерці здань лунае па-над намі —

Хто упэўнены, што пройдзе міма?

Можа, ён асыплецца дажджамі

Над якою новай Хірасімай?

 

Можа, над раздольнымі палямі

Праплыве без яўнае адзнакі,

Ураджай атруціць туманамі,

Паўтарыўшы драму Нагасакі?

 

У пачварнай здані — смерць і мукі,

Гібель і калецтва міліёнаў!

Дык давайце — звяжам моцна рукі

Фабрыкантам смерці з Пентагона.

 

Нас, працоўных і сумленных,— многа.

Іх жа — жменька... Толькі моцна ўзяцца

І ачысціцца навек дарога

Для жыцця, і радасці, і працы.

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан