epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Бляск славы

Прыйшла яна на свята,

Прыбраная багата —

У срэбра кос сівых,

У зморшчак мільёны,

А зрок, слязьмі замглёны,

Акрэсліў зломы іх.

На чорным плацці ззялі

Бліскучыя медалі.

Іх многа, вельмі многа,

Бадай, як у нікога:

Сыноў у маці мілых

Траіх вайна скасіла,

Муж — не вярнуўся ў дом...

Узнагароды — маці —

За форменнай пячаццю,

Ўручыў наш ваенком.

Хто боль утраты зведаў,

Той зразумеў да дна

Праплаканыя вочы,

Цану маршчын шматследных

Што прынясла вайна.

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан