epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Бор шуміць

Люблю я ў лес пайсці адна. Ў наплыве дум

Люблю прыслухацца, аб чым гамоняць дрэвы.

У дрэва кожнага адметны, ўласны шум,

Настроены — яму ўласцівым толькі — спевам.

 

Як быццам гусельных былін шырокі сказ —

Шум соснаў залатых, глыбокі, зважны, чуткі.

Напоўнены па край якімсьці цёплым смуткам,

Ён грудзі наліваў натхненнем мне не раз.

 

У елак гук другі — прасцейшы, дамавіты,

Ён ноты нізкае: ў аркестры — кантрабас.

Скрыпічны соснаў лад, дзе-недзе ў тэкст уліты,

Вядзе кароткі свой і сухаваты сказ.

 

Грукоча хмурна дуб. Так часам дзед стары

Бурклівы бай вядзе сваім малым унукам.

Трасецца чуб сівы, узносіць дагары,

Як моцныя сукі, мазолістыя рукі.

 

Асіна ўся дрыжыць, як горкая ўдавіца,

Пялешчуцца лісткі, ў іх б’ецца боль і жах:

Адна яна, адна... Куды ёй прытуліцца?

І адзіноты сум калоціцца ў лістках.

 

Дзяўчынкай маладой бярозка з краю ўстала,

Шуміць, пяшчотная, і свеціцца ліствой.

Сярожкі золатам праменяцца на ёй —

К ёй светлая пара кахання завітала.

 

У дрэва кожнага свой выгляд, мудры шум,

Напоўнены — яму ўласцівым — рытмам спеву.

Люблю я слухаць, як шумяць у лесе дрэвы

Пад гаману маіх разважных дум.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан