epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Бура

Грузна выплыла з-за лесу хмара з рыжым

пералівам,

Вецер дзьмухнуў, зморшчыў люстра на азёрнай

светлай гладзі...

Закрычалі галкі ў садзе крыкам хрыплым,

палахлівым,

Скалыхнуліся бярозы, зашумелі у насадзе.

Вецер сціх. Ён прытаіўся каля дуба, каля стога,

Толькі шэпчацца асіна з тонкім ясенем трывожна,

Толькі ў схіле траў сцямнелых затаілася трывога,

Толькі лужа стала чорнай у канаве прыдарожнай.

Зноў дыхнуў лядовы вецер. Падхапіўшы пыл

зжаўцелы,

Закруціў яго ў віхуры — і пагнаў кудысьці ў поле.

А за лесам быццам бляха ракатліва загудзела...

Возера цямнейшым стала і не шкліцца ў сонцы

болей.

Хмары выплылі з-за лесу. Хмары клубяцца над

лугам.

Вецер дзьме ўжо безустанку, хіліць вербы

над вадою,

Падхапіўшы жмут саломы, як у танцы, кружыць

кругам,

То імчыцца як шалёны, быццам квапіцца да бою.

Зазмяіліся маланкі, раскаціўся грукат грому,

Дождж пусціўся ўпрысядкі, льецца буйны

і сцюдзёны,

Мы схаваліся ад буры пад высокі стог саломы;

Што адзін ў пшанічным полі сведчыць аб багацці

плёну,

Падняла ужо вясёлка сяміцветнае узвышша,

Пах зямлі, травы, саломы вее чаем настаяным...

А ў паветры — пасля буры — заспакоеная ціша,

Толькі кроплі зіхацяцца бляскам сонца палымяным.

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан