epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Чайныя ружы ў мяне на стале...»

Чайныя ружы ў мяне на стале

Свецяцца квола ў вячэрняй імгле,

Свецяцца бляскам сваім залацістым,

Дыхаюць водарам, тонкім і чыстым.

 

Зусім нечакана, быццам бы госць,

Смела ўваходзіць мая маладосць,

Сны мае будзіць, ўзнаўляе падзеі,

Думы і мары, жаданні, надзеі...

 

Бачу я тых, што навекі зляглі

Спаць беспрабудна ў халоднай зямлі.

Вось — мая Ўладка! Мой родны Купала...

Радасць жывая ў вачах іх заззяла.

 

Горача іх я да сэрца тулю,

Іх я навекі ўсім сэрцам люблю!

Пах гэтых руж, як вясна, малады,

Сціпла закрэсліў старыя гады...

 

Бачу я блізкіх — і цяжкае гора

З сэрца сплывае, як чорная змора...

Веру я ў шчасце...

Бо — ў шэрай імгле —

Свецяцца ружы ў мяне на стале.

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан