epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Чаму?

Скажы, мілы, чаму —

Толькі гляну я ў вочы твае —

Мне здаецца, што ноч прад сабою я маю?

Так глыбокі яны, як яна,

І так ясны, як зоркі яе.

Ажно часам я вочы свае прыжмурана...

 

Скажы, мілы, чаму

У глыбокае іх глыбіні,

Як на кніжцы падчас — так чытаць я гатова?

Уся глыб твайго сэрца у іх

Чорна-ясным атсвеціцца дне,

Адаб’ецца ляпей і ясней, як у словах...

 

Чаму з сілы усёй

Часам хочацца мне закрычаць:

Не глядзі — адвядзі ад мяне свае вочы!

Бо ўсё тое, што часам у іх

Мне удасца ўглядзець, прачытаць,

То мне розум, душу і ўвесь свет замароча?..

 

Не глядзі!.. Я — ў сваю,

Ты ў сваю у старонку пайдзём;

Мы — чужыя, чужымі і будзем век цэлы,

Хоць твой позірк, як бондар які,

Усе думкі мае абручом

У адзін круг скаваў, круг чароўны і цэлы...

 

Будзь здароў жа цяпер!

Я іду — мне пара ўжо ісці!

Не глядзі — ўжо і так душа поўна табою...

То, што ў сэрца ты мне зараніў,

Як твой светач у цёмным пуці.

Будзе вечна ісці і свяціць прада мною.

1914


1914?

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан