epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Чаму не знаю я спакою...»

Чаму не знаю я спакою,

Хоць час даўно мне быць спакойнай...

Заменай мне, яшчэ зімою,

Прыйшла дзяўчына з станам стройным.

Мне восень пабяліла скроні,

Мне далі пенсію — як трэба,

Хоць не працую — маю сёння

Заслужаны кавалак хлеба.

І ўсё ж — душа чамусьці просіць

Гарэння у жывое працы,

Прыбой жыцця ёй дні прыносіць,

К якому прагне падключацца.

Сысці з пуці — пакуль ёсць сілы?

Не, не! Душа таго не хоча,

З людзьмі быць поплеч сэрцу міла,

У рытме радасным, рабочым.

Бяру тады пяро у рукі,

За стол сядаю над паперай,

Працую. Хай чытаюць ўнукі

Ўсё, што душой я ім даверу.

Тут будуць думы з дзён пражытых

І аб жыцці унукаў мары...

Шмат вопытным вачам адкрыта...

Не адчуваю я цяжару

Гадоў — што скронь мне пабялілі,

Жыцця — што йдзе на схіл сягоння,

Мне зор гарачых не зацьмілі —

Туманы, устаўшыя на услоні.

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан