epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Чаму ты стаіш невясёлая...»

У. Ф. Луцэвіч

 

Чаму ты стаіш невясёлая,

З каронай пушыстай, шырокаю,

Выносная, меднастволая,

Сасонка мая адзінокая?

 

Твой пошум у сэрца ўліваецца

Глыбокаю скаргай прачулаю,

Як быццам табе ўспамінаецца

Маленства-блазенства мінулае.

 

Шуміш ты, а словы мне чуюцца:

«Стаю вось адна на прагалінцы,

Ці дзень заблішчыць, ці нахмурыцца

Гадаю я, што са мной станецца.

 

Навокал карчы... То загінулі

Сяброўкі мае яснакрылыя.

Мяне тут чамусьці пакінулі

Хістацца над іхняй магілаю.

 

Глядзіце — шырока на просецы,

Як после ліхога пабоішча,

Завалы і пні толькі ўзносяцца,

Ды порасль галінкамі мроіцца...

 

А я, усім ветрам адданая,

Ахутана толькі аблокамі,

Хістаюся зданню нязданнаю

Над гэтай пустэчай шырокаю».

 

Шум гэты у сэрца ўліваецца

І думку ўзнімае тужлівую:

Дзе тыя, з кім звыкла я раіцца?

Дзе чула параду зычлівую?

Дзе тыя, што былі мне блізкімі?

Каго так сардэчна любіла я?

І — коцяцца слёзанькі нізкамі

Над нейкай вялізнай магілаю.

 

Кустарнік вясёлы, задзірысты

Ўверх пнецца, штодзень падрастаючы.

Тут дрэвы магутныя вырастуць,

Каронамі хмары ўзнімаючы.

 

А сонейка зверху праглянула —

Праменнямі даль заіскрылася...

Мне песня мая праспяваная

Ад першага слова прыснілася.

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.