epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Чаму ты сумная такая?..»

Вандзе Васілеўскай

 

Чаму ты сумная такая?

І што панесла ты з сабой

Туды, дзе дзень навек змяркае,

Не будзіць сон курантаў бой.

І думы не трывожаць грудзі,

І сэрца не сціскае боль.

Чаму так тоўпяцца тут людзі?

Чаму ўсё поўніцца журбой?

А ты спакойна так заснула,

І кветкі побач быццам спяць,

Вунь вейкі лілія самкнула,

Не мае сіл пялёсткі ўзняць...

І ты, як лілія, збялела,

І веек чорных цішыня,

Як цень, лягла на шчоках белых,

Дзе чуць дрыжыць, дрыжыць нясмела

Бляск паміраючага дня.

Куды ты йдзеш? І што таіцца

За гэтым ціхім рубяжом?

Ты спіш... А што заснуўшай сніцца,

Калі той сон апошні ўжо?

Гляджу на твар — спакойны, ціхі,

На сумны твой партрэт гляджу...

Лунаюць лёгкія успыхі

Святла скрозь прыцемкаў ажур...

Чаму ты сумная такая?

І што панесла ты туды —

Скуль час нікога не вяртае...

Які цяжар? Чыёй бяды?

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан