epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Хай душ нам не раняць хаўтуры...»

Хай душ нам не раняць хаўтуры.

Сышоў хто з пуці —

Не з маршам рыдання панурым

Братацца ў жыцці!

Аддайце сышоўшаму дані

I маршаў і слёз.

Хай горасны сум расставання,

Што мукі прынёс,

Душы ў чорны крэп не адзене

На доўгія дні:

Смерць побач ідзе з нараджэннем,

Смерць гасіць агні.

Жыццё запаляе іх смела.

Так змена ідзе...

Не трэба, каб сэрца нямела

Ад слёз у людзей!

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан