epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Хаўтурны звон

Заенчыў, заплакаў з званіцы

Стары ўжо і трэснуўшы звон,—

Абвесціўшы смерць чалавека,

Маліцца сазваў усіх ён.

 

За белай сасновай труною

Грамадне суседзі ішлі;

Труну у магілу спусцілі,

Сыпнулі па жменьцы зямлі.

 

Тут сон, тут спакой яму вечны,

Тут будзе прытульна ён спаць,

Па працы, трудох і цярпеннях

Да суднага дня спачываць.

 

Спакою яго не нарушыць

Плач жонкі, галодных дзяцей;

Не вырвецца гора енк цяжкі

З худых і збалелых грудзей.

 

Спі, бедны зямляча! Не раз ты

Праз цэлую ночку не спаў,

А змораны, потам абліты,

Мазольна на хлеб працаваў!

 

Ніхто і нішто не стрывожа,—

Тут будзеш, як камень, ляжаць;

Над крыжам магілкі забытай

Зляціцца рой птушак спяваць.

 

Спі! Дай ты рукам адпачынку:

Дабра шмат зрабілі яны,

Хоць больш ты не маеш награды,

Кром гэтай сасновай труны.

1914


1909?

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан