epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Хочацца песні

Хочацца мне песні шчырай і вясёлай,

Хочацца развеяць сум зацішны, кволы,

Хочацца, каб хтосьці, добры і лагодны,

Падышоў бы блізка — і назваў бы роднай.

Шэрай мглой адзеўся цёплы летні вечар.

Запалілі зоры залатыя свечы.

Я хачу, каб хтосьці...

Думка зрок замгліла...

Падышоў бы ціха — і назваў бы мілай.

Думы кружаць колам, думы сэрца раняць,

Сэрца просіць песні, песні і кахання...

Сэрца просіць ласкі, мяккай і лагоднай,

Дзе ты, мой каханы? Дзе ты, друг мой родны?

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан