epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ходзіць месяц

Ходзіць месяц угары,

Шум знямогся у бары,

Пасядзім хвіліну ціха,

Ты са мной не гавары.

Зоры палі на ваду,

Промні ясныя прадуць,

А спакою свайму сэрцу

Аніяк я не знайду.

Паў ад дрэва чорны цень,

Хвалі гушкае ячмень...

Мне ўспаміны сэрца раняць

Сваім болем цэлы дзень.

Вечар сінюю смугу

Рассцілае на лагу.

Я забыць яго, мой дружа,

І хацела б — не магу!

Не спыніць нам цёмных хваль,

Што плывуць кудысьці ўдаль,

Як жа думаць мне аб шчасці,

Калі сэрца сціснуў жаль?

Быццам хвалі, йдуць гады,

Нікнуць даўняга сляды,

Толькі ён ў вачах заўсёды,—

Што не вернецца сюды.

Ходзіць месяц угары,

Шум знямогся у бары,

Ну, а ты мне аб каханні

Лепш зусім не гавары.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан