epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ходзіць вецер па асіне...»

Ходзіць вецер па асіне.

Штосьці шэпча спахмурнелай.

У дол сухую ветку скіне,

Скалыхнуўшы ствол нясмела.

А яна — далонню смуглай

Адпіхне яго нядбала

І фігуркаю акруглай

Ўстане знову — як стаяла.

Кучаравую галоўку

Да грудзей дубка прытуліць

І лагоднаю сяброўкай

Жджэ, каб дрэвы ўсе паснулі.

Потым ласкава шапоча

Маладому штось на вуха...

Паглядзі — як маеш вочы!

Вушы маеш — дык паслухай!

1967 г.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан