epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Холадам шкліцца празрысты ранак...»

Холадам шкліцца празрысты ранак,

Ў травах калючых — шэрыя росы.

З ціхіх, застыўшых бяроз беластанных —

Сеецца осып лісцяў бялёсых.

 

Яркае сонца — толькі не грэе —

Сыпле праменні з высі халоднай,

Неба бяздоннай сінню сінее —

Толькі няма там красак лагодных.

 

Так расстаецца лета з зямлёю,

Сэрца аддаўшы жар ёй гарачы.

Вось — адыходзіць, са зрэнкай сухою —

Нават не плача! Нават не плача...

1963 г.


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан