epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Хто сказаў, што старасць надышла?..»

Хто сказаў, што старасць надышла?

Хто сказаў, што пасівелі скроні?

Гэта замець на дварэ мяла,

Пабяліла галаву мне сёння.

Во, глядзіце, моцна страхану,

Ападзе налёт пушысты, белы...

Засмяюся, песню зацягну

І у круг ваш юны ўстану смела!

Грай гармонік! Пойдзем танцаваць!

Іскры хай выкросваюць падкоўкі...

Хто прыпеўкі ўмее падпяваць?

Хто з вас самы малады і лоўкі?

Не адстану!

Сіла, звонкасць ёсць!

Жыць хачу — каб кроў кіпела ў жылах!

Хай квітнее вечна маладосць!

Старасць... Заглыні яе магіла!

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан