epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Хурма залатая ляжыць на стале...»

Хурма залатая ляжыць на стале

І водарам поўдня спякотнага дыша.

Тут — восень. Дзень тае ў маркотнай імгле,

Стаіць за акном ледзяністая ціша.

 

У марах паўдзённыя бачу сады,

Гаі мандарын — на мяжы небасхілу,

Густых кіпарысаў літыя рады,

Што цяжка брыдуць па крамністаму схілу.

 

Зялёныя хвалі бягуць за пяскі,

Прыбой неадступна шліфуе каменні.

Там — сонца... А ў нас абдзірае ляскі

Бязлітасны вецер — бадзяга асенні.

 

Сяджу адзінока. А сэрца дрыжыць,

Як дрэўца, з якога лістота апала...

Хурма залатая са змроку імжыць —

Каўказскае сонца у ёй запалала!

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан