epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ці помніш ты?

Скажы мне, ці калі ў чужой зямлі далёкай

Успамінаеш ты край родны, мілы свой?

Ці часта к нам адтуль ты думкамі шыбаеш,

Ляціш да нас душой?

 

Ці помніш Беларусь, дзядоў тваіх краіну,

Дзяцінства дзе твайго час хутка праляцеў?

Ці помніш дом бацькоў, за домам сад зялёны?..

Як ён тады шумеў,

 

Як мы па ім з табой хадзілі й ты казала:

«Паеду я ў чужыну шчасця пашукаць»,

І ён там зашумеў, як бы заплакаў з жалю,

І не хацеў пускаць.

 

А песню родную ці помніш на чужыне,

Такую сумную, як доля мужыкоў?

О, колькі стогну там, жальбы душы збалелай

Пачуеш з яе слоў!

 

А вёскі помніш ты пакрыўленыя хаты,

Ўсе зеленню садоў прыбраны, як вянком,

Ручай, што спаясаў істужкай сенажаці

З пясчаным берагом?

 

А лес ці помніш ты на ўзгорачку, за вёскай,

Што часта так у цень ад сонца нас хаваў,

І слухаў нашых дум і светлых мар дзявочых

І штосьці ўсё шаптаў?

Ці помніш гэта ўсё ў чужой зямлі далёкай?

Наш цёмны, бедны край, дзе столькі ёсць бяды,

А ўсё ж ён мілы нам, бо ўсё, усё там наша!

Край гэты помніш ты?

1914


1911?

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан