epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Цяпло жывое у тваіх далонях...»

Цяпло жывое у тваіх далонях,

Яно лагодзіць, грэе, ласкай песціць...

Люблю пад вечар побач з табой сесці

І ціха скронню прытуліцца к скроні.

Люблю маўчаць тады і толькі слухаць,

Як б’ецца сэрца у грудзях шчасліва,

Як у крыві пачуццяў завіруха

Бушуе, бы мяцеліца на нівах...

А ты мяне к сабе пяшчотна туліш,

Далёкай песні далятаюць словы...

Хачу, каб успаміны год суровых

Ва мне ад ласкі гэтае паснулі...

Каб ні аб чым не думаць! Верыць толькі,

Што любіш ты, што мой ты назаўсёды,

Што будзем жыць мы гэтак годы... Годы!..

І адпадуць і крыўды ўсе і болі.

Бушуе лістапада завіруха,

Ліст жоўты гоніць вецер над дарогай...

Апроч цябе, ў мяне няма нікога...

Шапні мне слова добрае на вуха!

1966 г.


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан