epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Да працы

О, не кажы, што ты ў жыцці не маеш мэты

І што на свеце жыць не хочаш болей ты,

Бо ўжо ад мук і слёз душа твая збалела,

А ў свеце бруду шмат і горкай цемнаты.

О, не кажы, што ты ў жыцці не маеш мэты

І што ніхто яе ў жыцці сваім не меў;

Павінна мэтай быць усіх — шырыць

прасвету,

Усім, хто цьму жыцця убачыці здалеў,

Нам светачамі быць!

У цемры аніводнай

Не бачна зорачкі?

Мы будзем распаляць.

Да працы час, браты!

Ніхто няхай не смее

Магутную руку бяссільна апускаць.

Да працы час, браты!

Мы туманы развеем;

Як у пялёнках, ў іх наш родны край ляжыць.

Каханнем маладым мы дух яго сагрэем,

Нізіны кіне ён і вышай узляціць.

Да працы, гэй, браты!

Мы з сілай маладою,

Мы з сэрцам, поўным мар гарачых і агню,

Павінны выпаўніць заданне ўсесвятое,

І подласць чорная пакіне нас, зямлю,

Не будзе ўжо нідзе тых каінаў на свеце,

Што ў братняе крыві руку маглі мачаць.

Мы — вольныя арлы, Радзімы нашай дзеці,

Хто мае права нас нявечыць, зневажаць?

Мы — вольныя арлы, з адвагай і надзеяй

Мы волю к барацьбе павінны прабуджаць

За шчасце, за жыццё!

І хай ніхто не смее

Магутную руку бяссільна апускаць!

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан