epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Дайце верш!..»

Дайце верш! Не такі, каб там рыфмы званілі

Прыгажосці няшчырай халодным бяссіллем,

 

А каб звонам гудзеў — палымяна-агнёва,

Каб за сэрца кранала прачулае слова.

 

Каб ён праўды скрыжалі нёс у велічным гудзе,

Каб насустрач яму з хат выходзілі людзі.

 

Дайце верш, каб узяў ён, як жэмчуг з дна мора,

Душ багацце людскіх, думак смелых прасторы.

Дайце верш, каб адбіўся ў ім воблік Радзімы,

Каб, як сонца, заззяла яна прад вачыма.

 

Што задумана намі, што ёсць і што будзе,—

Як у люстры, сябе хай убачаць там людзі.

 

Дайце верш, каб зямлі азарыў ён прасторы,

Каб усюды, дзе слёзы ўскіпаюць ад гора,

 

Дзе яшчэ над людзьмі пацяшаюцца каты,

Ён нясцерпным агнём перапільваў бы краты.

 

Каб ён душы і рукі узброіў народам,

Навучыў іх змагацца за мір і свабоду.

1963 г.


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан