epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Даляцелі гукі песні звонкай...»

Даляцелі гукі песні звонкай

І хвалююць тонаў пералівы...

Так напітак ярка-зіхатлівы

Б’ецца у крышталь празрыста-тонкі.

 

Часам страшна, страшна і балюча

Мне ад гэтых згадак несціханых,

Пачынаюць ныць старыя раны,

Успаміны аб мінулым мучаць...

 

Песня, песня! Колькі дум ты будзіш!

Колькі ўсякіх родзіш ты настрояў!

Ты — то шчасцем наліваеш грудзі,

То тужлівым болем неспакою.

1960 г.


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан