epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Далёка за вёскай іграе гармонь...»

I
ІІ


I

Далёка за вёскай іграе гармонь,

То звонка, то ціха, працяжна.

Мы выйшлі з табою — далонь у далонь,

Ты ў вочы глядзіш мне уважна.

 

«Я думаў, няўжо не пазнаеш мяне,—

Сказаў ты з усмешкай лагоднай.—

Я доўга пражыў у чужой старане,

Свая мне тым больш стала роднай...

 

А ты як жыла?..» Помню вечар такі...

Стаялі мы побач ля мора.

Плылі параходы, і іх аганькі

Хісталіся ў шызых прасторах.

 

Маяк загараўся штохвілю і гас,

Мігаючы вокам чырвоным,

А з палуб далёкіх ляцелі да нас

Мелодый святочныя тоны.

 

У парку прыморскім згусцілася цьма.

І ў гэтым чароўным сутонні

К табе галавой я прынікла сама,

Адчуўшы твой подых на скроні...

 

Ты скора паехаў кудысь на заход,

У энскі атрад пагранічны,

А потым — пісаў, два-тры разы у год,

Аб нашым спатканні нязвычным.

 

І — раптам замоўк. Прахадзілі гады.

Прыцьмілася прошласць сутоннем,

І сцерліся ўсе успамінаў сляды,

Каб зноў уваскрэснуць — сягоння.

 

Забытыя годы чаргою ідуць

І сэрца ўспамінамі раняць...

Усё шчасце жыцця — і ліхую бяду —

Я бачу, нібы на экране.

 

ІІ

Спаткала ў жыцці я такую любоў,

Якая не многім даецца.

Як казка, як чары праменныя слоў,

Яна апавіла мне сэрца.

 

Як добра, як шчасна мы з любым жылі

У тыя нялёгкія годы,

Калі мы з разрухай бой трудны вялі,

Ў баях адстаяўшы свабоду.

 

Тады нам не раз не хапала ўсяго

І хлеба падчас не хапала,

І ўсё ж — у каханні бязмежным яго

Мне шчасце нязменнае ззяла.

 

Мы так працавалі! Ён быў аграном,

Наладжваў паўсюды калгасы,

Я — сына расціла, ўлаштоўвала дом,

Хапала і сіл мне і часу

 

З любімым да позняе ночы сядзець,

Яму памагаючы ў працы.

Мы звыклі ўсім цяжкасцям ў вочы

глядзець,

Нічога ў жыцці не баяцца.

 

Казаў мне любімы: «Да шчасця ідзём

Цяпер гулівераўскім крокам,

Пры гэткім уздыме працоўных людзей —

Ад нас камунізм недалёка!..»

 

А потым... Прыйшла тая чорная ноч,

Зацьміўшая дзень наш багаты,

Пагасіўшы ззянне праменістых воч,—

Любімага вывелі з хаты...

 

Пайшла працаваць і ўсю сілу душы

У працу — для шчасця народа —

Уклала... І толькі ў начное цішы

Я плакала — доўгія годы...

 

Вось так я жыла... А цяпер — памаўчым,

І больш не пытайся, мой дружа...

Час — доктар, умее ён раны лячыць

І сэрца, змярцвелае ў сцюжы.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан