epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Добры вечар!

Зорны сіні плашч адзеў на плечы

І спакойна на сады ідзе

Беларускі цёплы добры вечар,

Зоры запаліўшы на вадзе.

Ціха дрэмлюць у задуме пожні,

Парна дыша ўзораны папар,

Шчасна шэпча штосьці колас кожны,

Месяц чоўнам плавае між хмар.

Дзень прайшоў гарачай творчай працы,

Велічных народных перамог,

Вырастаюць вёскі і палацы,

Новых вуліц роўны шлях пралёг.

Мы - тварцы жыцця! Шляхамі тымі

Пойдзем мы за шчасцем новых дзён,

Што крыламі ззяюць залатымі

Над пурпурам баявых знамён.

А цяпер прыйшоў наш добры вечар.

Поўны шчасных і таемных мар,

Зорны плашч накінуў ён на плечы

І асеў на ўзораны папар.

 

1945

 


20.01.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы.; Паэма [Аўт. уступ. артыкула Д. Чаркасава]. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 302 с., 1 с. іл.
Крыніца: невядомая