epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Душа мая ў марах — як у сонечных праменнях...»

Душа мая ў марах — як у сонечных праменнях,

Душа мая ў шчасці — як кветка ў бляску дня...

Збудзіў ва мне ты радасць высокага натхнення,

Таму радкі вось гэтыя так песенна звіняць.

Як б’ецца маё сэрца! У кожнай яго грані

Гарыць любві бяскрайняе нязгаснае святло,

Ёсць сіла агнявая ў шчырага кахання,

Яно тугу развее і прэч адкіне тло.

Адна ў мяне з табою цяпер, мой любы, доля.

Цяпер з табой адзіны ў мяне жыццёвы шлях,

Табе ў руплівай працы я дам палёт, саколе,

Ты мне ў палёце думак — нябачаны размах.

Запас бязмернай моцы затоены ў каханні,

Яно нам грудзі прагай да творчасці налье,

Ў рашучую мінуту нас збавіць ад вагання,

Адкрыўшы нам бязмежна магчымасці свае.

 

*

Тэлеграма твая прыляцела раптоўнаю госцяй,

Як зялёны лісток з дрэва светлай маёй маладосці.

Адгукнулася даль ў красках свежых, жывых

і багатых,

Адгукнулася даль, быццам светлае, юнае свята...

І няхай нам гады серабром асыпаюць галовы —

Нас дагэтуль хвалюе юнацтва гарачае слова.

І пяшчотай любві ў нас поўны і сэрцы і вочы,

І мая галава да цябе прытуліцца так хоча.

Тэлеграма твая прыляцела раптоўнаю госцяй,

Як зялёны лісток з дрэва светлай маёй маладосці.

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан