epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Дзякую шчыра я долі сваёй...»

скан

Дзякую шчыра я долі сваёй,

Зведала гора, і боль, і трывогі,

Шлях мой у кроў разбіваў мае ногі,

Толькі — ўсё роўна я дзякую ёй.

Кожны мой крок сілу ў сэрцы будзіў,

Гора у сталь загартоўвала волю,

Я не згіналася з болю ніколі,

Холад і голад мне кроў не студзіў.

Вось аглядаю мной пройдзены шлях,

Ёсць там замінкі — душы недаробы,

А баязліўства не бачу хваробы,

Не, не пужаў мяне страшнага страх.

Дзякую шчыра я долі сваёй,

Шчодрай была і на боль і на мукі —

Загартавала так душу і рукі,

Што смела ў вочы глядзела я ёй.

1967 г.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.