epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Дзяўчынка ў белым фартушку...»

Дзяўчынка ў белым фартушку

І ў форменнай сукенцы цёмнай

У салюце ўскінула руку

І ўстала у паставе скромнай

Ля помніка.

 

Твае гады —

Жыцця бадзёрае дасвецце.

А колькі легла маладых,

Каб красавалі нашы дзеці!

 

Дзяўчынка ў белым фартушку,

У строгім гальштуку чырвоным,

Ты — як рамонак у вянку,

Жывым, удзячным і натхнёным.

 

Сюды ўрачыста мы прыйшлі

Са словам ласкі і пашаны,

Аркестрамі раскалыханы,

Вышэй аблокі паплылі...

 

Дзяўчынка ў белым фартушку,

Усім, хто спіць пад абеліскам,

Ты пакланіся нізка-нізка,

Прыклаўшы да грудзей руку.

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан