epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Дзе Вільня у Нёман ліе свае хвалі...»

Дзе Вільня у Нёман ліе свае хвалі,

Я ў сумнай задуме стаю;

Купаецца месяц ў вод чыстым крыштале,

Яны ж з ціхім шумам плывуць усё далей,

Душу к сабе цягнуць маю.

 

Здаецца, штось шэпча у цёмнай глыбіне,

Здаецца, штось маніць, заве:

— Хадзі,— ў нашай глыбі ціхой адпачынеш,

Журба ўжо ліхая навекі загіне,—

Тут толькі ўцячэш ад яе.

 

— Хадзі,— мы ў нашы сярэбраны хвалі

Спаўём, як дзіцятка, цябе,

І рыбак адгонім, каб сну не зганялі,

І скажам, каб вербы шумелі, пяялі —

Сны-байкі шапталі табе!..

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан