epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Дзед з унукам сядзяць на кургане...»

Дзед з унукам сядзяць на кургане,

Помнік шпілем узносіцца ў высі.

Літары залацістага ззяння

У старога ў вачах расплыліся...

А над імі шырока-шырока

Расплываецца ў хвалях пшаніца,

Даль адкрытая сцелецца ў воку,

Каласамі уся каласіцца.

Калі вораг, як выпаўзень з ночы,

На свабодную землю зваліўся,

Долю нашу маніўся сурочыць,

Наша шчасце знявечыць маніўся,—

Тады ўсталі свабодныя дзеці —

Наша моц, наша слава і сіла,—

Каб навалу ад краю адвесці,

Каб пакласці яе у магілу.

А на гэтым вось помніку белым

Ў связі літар, навек залацістых,

Спяць імёны адважных і смелых,

Стаўшых сёння легендай вячыстай.

Мо таму, што жыццё так шырока

Расспявалася буйнай пшаніцай?

А ў магіле — глыбокай-глыбокай —

Ім, любімым, наш досвітак сніцца?

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан