epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Дзень празрысты, як шкло...»

Дзень празрысты, як шкло.

Снег іскрыцца на стрэхах.

Неба сіняе ўзнята над вёскай высока.

Сонца свеціць. А дрэў агалелае вецце

Выглядае вясну з яе далі далёкай.

Птушкі мерзнуць.

Яны, як клубочкі, па вецці,

Ім нялёгка. У іх ні спажывы, ні хаты...

Разграбаюць снягі, куды вецер змёў смецце,

Ды і іх сцяў мароз у камок ледаваты.

Дзень празрысты, як шкло...

Поўны сонца і бляску.

Снег засыпаў сады, і дарогі, і нівы.

Сіверна. А мароз ля вуглоў ноччу ляскаў

І ля комінаў трос дыму чорныя грывы.

Холадна. Свеціць шчодра халоднае сонца.

Холадна. Хоць лагодна ружовіцца неба...

Коле дровы юнак у кароткай ватоўцы,

І ні шапкі яму, ні пальчатак не трэба!

Кучаравых валос палі пасмы на вочы,

Як маланка, блішчыць на марозе сякера...

Абагрэць цэлы свет ён і можа, і хоча,

Гэты дужы юнак у ватоўцы шэрай.

Ён да працы мастак. Працаваць ён умее,

Ён у працу ўкладае і розум і сілу...

Ён зусім малады... Яго дзень — толькі днее,

Заружовіўшы край небасхілу.

1966 г.


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан