epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Дзень сканаў за гарой, а над соннай зямлёй...»

Дзень сканаў за гарой, а над соннай зямлёй

Выплыў месяц пурпурна-крывавы;

Над разлогамі ніў хутка-шыбка ён плыў,

Прытрымаўся над соннай дубровай.

 

Між адвечных дубоў асвяціў рой крыжоў,

У высокай траве прытаіўся;

Плямай яснаю поўз па курганах, як смоўж,

То малюнкам на небе лажыўся.

 

Ціш усюды — спакой... Над званіцай старой

Звон зыклівы раптоўна раздаўся;

Разам з ім — пад дубом — над старым курганом

Трэснуў камень і з гукам распаўся.

 

І ад дзіваў такіх вецер, змёршы, заціх,

Месяц хмаркаю ў небе закрыўся;

З-пад раскопаў зямлі цені шпарка ішлі —

Во адзін з іх к крыжу прысланіўся.

 

У мазолях рука — верны знак мужыка,

Свецяць дзіўным агнём яго вочы;

І з грудзей гукнуў кліч: «Брацця! Ўсе, хто тут спіць!

Брацця, ўстаньма усе гэтай ночы!

 

Сярод ніў ды палёў хараводаў-кругоў

Мы натворым, успомнім былое;

Песню так завядзём, як тады, як агнём

Ў нас кіпела жыццё маладое.

 

Хай жа песня ляціць, хай жа песня гудзіць,

Разальецца па долах, па нівах!

Нашай песні такой не чутно з пары той,

Як ляглі мы у цёмных магілах.

 

Прахадзілі гады, заціралі сляды,

Заціралі сляды нашых спеваў;

Над разлогамі ніў іншы голас паплыў,—

Спеў чужы плыў над нашым засевам.

 

Брацця! Ўсе чым хутчэй хай з магілы сваёй,—

Брацця, кожны на свет з вас выходзе!

Мы ім песню спяём, песню зычну, як гром,

Ў ёй раскажам аб нашым народзе.

 

Ў ёй пець будзем аб тым, што было, ды, як дым,

Расплылося у віхравай хвалі,—

Тую славу-пачот, якой слыў наш народ,

Ды ўсё злыдні яму паскрывалі.

 

Каб ніводзін і з іх не чураўся сваіх

Рук, пакрытых карой мазалістай;

Мовы дзедаў, бацькоў для гаворкі паноў

Не чураўся ў хацінцы айчыстай.

 

Хто зямлі гэтай сын, ўстаньце ўсе, як адзін!

Гэй, раздайся ты, песня ўдалая!

Хай твой зык паплыве, дзе народ наш жыве,

Долю-мачыху дзе праклінае.

 

Ён забыўся пяяць, ўмее толькі стагнаць;

Песні болем яго налітыя.

Хай жа зычны наш спеў ўспомне ўраз, неўспадзеў

Яму прошласці дні залатыя.

 

Чуць магутны прызыў да магілаў даплыў —

Разамкнуліся мігам магілы;

З-пад раскопаў зямлі цені шпарка ішлі

Хараводам між крыжаў пахілых.

 

Зычны родны напеў з іх грудзей паляцеў,

Словы радасцю дзіўнай пяялі;

К волі, к шчасцю прызыў дзесь над сёламі плыў,

Рассыпаючысь рэхам у далі.

 

І замоўк дзіўны хор. Плыла песня ў прастор,

Тоны доўга ў паветры звінелі;

Прадзядоўскі напеў над палямі ляцеў,

Потым сосны аб ім ліш шумелі.

1914


1913; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан