epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Дзве бярозкі

Бярозка мая белакрылая,

Якая ж ты, сонейка, мілая!

Спускаеш пушыстыя вецці

І сінімі іскрамі свеціш.

Глядзіць маладзік, усміхаецца,

К галоўцы курчавай схіляецца

І вісне бліскучай каронай

Над беллю тваёй заручонай.

А вецці уніз паспусканыя,

Сярэбранай рызай убраныя,

Нязвычна і ціха сягоння

Шклянымі званочкамі звоняць.

Бярозка мая белакрылая,

Стаіш, як нявеста, ты, мілая.

Прыгожа снягі і марозы

Да шлюбу прыбралі бярозу...

 

Мне сніцца старонка далёкая,

Там Свіслач плыве сінявокая,

Вясной у расспеваным гаю

Расла там бярозка другая,

Такая ж, як ты, беластанная,

У летнюю зелень прыбраная,

Апырскана ранкамі ў росы,

Часала праменнямі косы,

А косы яе ручаістыя,

Каралі на ёй залацістыя,

Пахучыя тонкія вецці

Пясціў усхвалёваны вецер.

На захадзе хмары клубіліся,

Маланкі вужакамі віліся,

Ў паветры, як бляху, рванула,

Бярозку к зямельцы прыгнула.

Агідныя цені двухкрылыя,

Зялёныя і тупарылыя,

Гудзелі і вылі над ёю,

Зялёнаю і маладою.

Бярозка мая беларуская.

Агнёвай пякучаю хусткаю

Маланка цябе атуліла,

І ўся ты панікла без сілы...

Лісточкі твае пакруціліся,

Галінкі твае апаліліся,

І капаюць светлыя слёзы

З апаленых вочак бярозы.

Фашысты, фашысты праклятыя,

Якой неацэннаю платаю

Плаціць давядзецца вам скора

За наша вялікае гора!

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан