epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Эстафета

Дзень заўтрашні! Ты ў нашы крочыш хаты,

Ад нас цябе драбніца часу дзеліць.

А мы цябе ж у казачныя шаты

Гарачых зор і слаўных спраў адзелі.

Прыход твой светлы даўся нам нялёгка.

Праз бой і смерць, праз намаганні ў працы

Мы йшлі к табе...

Так з гор бягуць патокі,

Каб да затону чыстага прарвацца.

Ды вельмі шмат раскідана курганаў,

Дзе спяць бацькі, браты і сёстры нашы...

Ідзеш, наш дзень, вялікі дзень жаданы,

Авеяны навечна славай паўшых.

Мы ведаем, што нашы дзеці, ўнукі

Наш возьмуць сцяг, каб панесці далей.

Ім, дарагім, усё здадзім на рукі,

Усё, што ў бітвах мы заваявалі.

І на уздыме новага змагання,

Памножыўшы, што продкамі здабыта,

Патомкаў слава ўспыхне сонца ззяннем

Больш светлым, чым сягоння у блакітах.

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан