epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Гісторыя аднаго верша

Песня на мае словы «Люблю наш край» (музыка народная) пяецца даўно па ўсёй Беларусі. Мяне часта пытаюцца, як напісаўся гэты верш, пры якіх абставінах, пад якім уплывам. З задавальненнем адказваю Міхаілу Іларыёнавічу Гарабцу і іншым маім карэспандэнтам.

Нічога асаблівага прыгадаць не магу. Жылі мы тады непадалёку ад мястэчка Вішнева Ашмянскага павета. Бацька мой, Антон Аляксандравіч Буйло, працаваў аб’ездчыкам у лесе графа Бутэні-Храптовіча. У лясніцтве Адрованж быў вялікі кавалак зямлі, агароджаны частаколам. Там быў той зачараваны куток, куды я заўсёды заходзіла з вялікім хваляваннем. На ўзлессі быў разарый. Вясною і летам квітнелі ружы, і тады перад вачыма пералівалася фарбамі вясёлкі ўся паляна, а пах над ёю стаяў такі цудоўны, быццам гусцела паветра ад яго моцы і чароўнасці. Гэты разарый разводзіў і ахоўваў таксама мой бацька.

Наш дом, маленькі, драўляны, стаяў над стаўком, абсаджаным бярозамі. Парк быў вялікі. У ім раслі дубы, бярозы, клёны і іншыя дрэвы. За паркам — дарога, а за ёю — палі і сенажаці. Цудоўны гэты куток заварожваў сваім хараством.

Я, мае сёстры і браты вучыліся тады дзе хто мог. У той час я пісала шмат вершаў. Там і напісаўся верш «Люблю наш край». Усё, што ўвабрала вока, што абудзіла думкі, усхвалявала сэрца, вылілася ў ім проста і сардэчна. Таму, відаць, і прыйшоўся ён да сэрца людзей, таму і пяюць яго на Беларусі амаль шэсцьдзесят гадоў.

Помню, Купала і Уладка, найбліжэйшыя мае сябры, часта нагадвалі мне гэтую песню. Яны любілі яе. Помню, Уладка, бываючы ў мяне ў Маскве, заўсёды пела яе — і так шчыра, хораша...

1974 г.


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан