epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Глянь, як свеціць зорачка Венера...»

Глянь, як свеціць зорачка Венера

Раніцой, ледзь заблішчыць світанак.

Як каскад праменняў палымяных

Шле яна у шклістыя бязмеры.

 

Быццам і пытаецца, і кліча,

І пранізвае тужліва далі —

Быццам просіць, каб мы адказалі,

Каб адкрылі ёй сваё аблічча,

 

А калі зямлю асвеціць сонца,

І яна устане ў поўным бляску.

Зорка, нам усю аддаўшы ласку,

Засынае ў космасе бясконцым.

1966 г.


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан