epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Гоніць мора грозныя валы...»

Гоніць мора грозныя валы

І кідае іх на бераг скальны,

Разбівае глыбы вод крыштальных

На фантаны кропелек малых...

 

Колькі б ні шукала я сягоння,

Не знайсці мне могілкі тваёй,

Не паплакаць горасна над ёй,

Звон ільдзін над ёю толькі звоніць.

 

Лёг ты там бязвінна не адзін —

Уяўленне горкага бяссілля

Спіць з табой навек у той магіле,

Скованае холадам ільдзін.

 

Хай той бляск ільды магіл агорне,

Дзе заснулі вы пакутным сном,

Горкіх мук пазбыўшыся даўно,—

Сёння пазбыліся ганьбы чорнай.

 

Сёння дзікі той дурман змяло.

Глянулі мы сонцу праўды ў вочы.

Толькі к вам — у вашай чорнай ночы

Не праб’ецца гэтае святло.

 

З душ застылых праўда не звядзе

Плям хлусні, з якой спіцё вы вечна...

Колькі мукі гораснай, сардэчнай

Запяклося у грудзях людзей!

1962 г.


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан