epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Горад, быццам мроіцца ў паветры...»

Горад, быццам мроіцца ў паветры,—

Прамяністы, малады і новы.

Столькі фарбаў у святочным спектры

Жоўтых, і блакітных, і ружовых!

 

Каля вуліц — доўгіх і шырокіх —

Ліп квітнеюць пышныя насады,

А прыйшлі яны з гаёў далёкіх

І расці ў сваёй сталіцы рады.

 

Зачаруйся прыгажосцю мінскай,

Паблукай па чыстых тратуарах —

Колькі гордасці, усім нам блізкай,

Прачытаеш у людзей на тварах!

 

Не пазбыцца памятнага болю!

Ах, каб не балела гэта рана,

Думалі б: ён і не быў ніколі

У страшэннай бітве зруйнаваны.

1959 г.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан