epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Горы высокія, горы абхазскія...»

Горы высокія, горы абхазскія

У белых павязках тумана,

Сосны дзяўчатамі з соннаю ласкаю

Дзень сустракаюць шторана.

Тут вінаград наліваецца сокамі —

Звіслі празрыстыя гроны.

Побач інжыр, і хурма крутабокая,

І апельсін залачоны.

Людзі прыветныя цёпла сустрэцяць,

Быццам даўно цябе зналі,

І чарнавокія, шустрыя дзеці

Скажуць табе «генацвале!».

Дрэвы у садзе гнуцца да долу,

Голлі усе на падпорах...

А вінаград, як хлапчына вясёлы,

Пнецца на дрэвах угору.

Потым грузінка, як лань чарнавокая,

Лье нам віно у падвале,

П’ём мы за дружбу! Бакалы высокія

Вызваняць зноў: «генацвале»...

Горы зялёныя, горы каўказскія,

Сіняе, сіняе мора...

Вашу гасціннасць, прыхільную, брацкую,

Я ўспамінаю з прыветнаю ласкаю

На беларускіх прасторах.

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан