epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Гостра ў хворым сэрцы ўспыхнула трывога...»

Гостра ў хворым сэрцы ўспыхнула трывога

І калючым болем у грудзях нуртуе.

Гэтак падарожны - ідучы дарогай -

Раптам гром з-за лесу нечакана чуе.

 

А навокал пуста. Ні жылля, ні дрэва.

Цераз поле ўецца стужачка дарогі.

Хмары пачарнелі, душаць чорным гневам,

Дождж спускае долу вадзяныя ногі...

 

Бліскае маланка сінімі агнямі...

Нада мной бушуе грому кананада.

Хтосьці ў вочы глянуў чорнымі вачамі,

Сэрца б'ецца гулка - без былога ладу.

 

Сто іголак гострых пранізала цела,

Быццам лёд раптоўна губы мае студзіць...

Я не ўсё зрабіла, што для вас хацела.

Можа, мае песні і патрэбны людзям?

 

Сэрца, не спыняйся! Біся рытмам роўным...

Ты - сыдзі з дарогі! Паміраць мне рана.

Гул плыве пявучы, юны, сілы поўны...

Ён не змоўкне сёння, смерцю абарваны.

 

1952

 


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы. Успаміны. -- Мн.: Маст. літ., 1981. -- 334 с.
Крыніца: невядомая