epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Ідучы з поля

Мы ідзём па полі, ўзяўшыся за рукі.

Вечар. Ахінаюць прыцемкі прастор.

Паліліся з вёскі дзіўнай песні гукі

І лятуць высока, аж да ясных зор.

Шапаціць пад ветрам залатое збожжа,

Што сцяной высокай стала па баках.

Мне нішто ў дарозе сэрца не трывожа,

І руку сціскае цёплая рука.

Наш камбайн брызентам ад расы укрыты.

Камбайнер са мною пад руку ідзе.

Заўтра ў нас зажынкі. Будзем жаць мы жыта,

Будзем славіць рукі рупныя людзей.

Ахінае вечар і палі і хаты.

Залатое збожжа шэпча па баках,

Я іду, і сэрца радасцю абнята,

І руку сціскае цёплая рука.

1953 г.


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан