Я часта думаю пра вас...
І часам, як абварыць прыскам,
Вы там з Радзімай кожны час,
А я ад вас зусім не блізка.
І так мне хочацца тады
Адчуць, што стуль, з свайго далёка,
Ка мне пракладвае сляды
Душа сяброў нячутным крокам.
Як хочацца, каб вы былі —
Для вас жа тут малая страта —
Там, на маёй, маёй зямлі —
Сястрою кожна, кожны братам...
Хачу, каб помнілі мяне
І хоць бы крышачку любілі.
Няхай цяплом стуль патыхне
Сэрц вашых родных — хоць на хвілю.
І ад таго я ажыву,
І сэрца радасцю заб’ецца,
І словы песні паплывуць
З душы маёй — да вашых сэрцаў.
1969