epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Я хацела б, каб пальцы мае...»

Я хацела б, каб пальцы мае

Мелі чуласць такую нязвычную —

Каб усё, што душа пазнае,

Адгукалася нотай музычнаю.

 

Я ішла б і — употай, ледзь-ледзь —

Да ўсяго бы рукамі краналася...

Каб за мной расспяваная медзь

У былінныя сказы спляталася.

 

І жыцця таямніцы ўсе

Прад вачамі ўставалі б адкрытыя,

І — што кожнае сэрца нясе,

І — што годы няслі перажытыя.

 

Каб мне ведаць усё, разумець,

Перакладваць у словы натхнёныя,

Каб гучала душа, а не медзь

Чалавечага голасу тонамі.

 

Каб палёгку давала грудзям

Тых, што йдуць на высоты жыццёвыя,

Каб, як зорка, свяціла людзям

І на подзвігі клікала новыя.

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан